Закрыть

25.11.2020 Ляхавiцкi веснiк. Міністэрскі прыём наадварот. У Ляхавіцкі раён зрабіў рабочую паездку міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь

министр.jpg

БОЛЬШ ФОТА ТУТ 

Наадварот, у нашым выпадку, – гэта калі не ты да міністра са сваім пытаннем-інтарэсам, а ён да цябе. З безумоўнай гатоўнасцю пачуць і цябе, і ўсіх, і кожнага. Сустрэча ў падобным фармаце прайшла ў Тухавічах. Гаворым Тухавічы, а суадносім з ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», якое фарміруе эканоміку, вобраз усяго населенага пункта і ці не кожнага з яго жыхароў, і куды 25 лістапада зрабіў рабочую паездку міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч.

Энергетычная серада
Спачатку міністр, першы намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Белпалівагаз» Дзмітрый Шаўлоўскі, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і яго намеснік Андрэй Навагран прайшліся па тэхналогіі вытворчасці тарфяных паліўных брыкетаў. Прынцыпы класічныя, схемы вядомыя, аднак, у кожным канкрэтным выпадку могуць быць адметнасці. У тым ліку і пра іх, а таксама пра вытворчую і эканоміка-гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства расказаў галоўны інжынер ТБЗ Аляксандр Батвінка.

Як прагучала, нягледзячы на некаторае апошнім часам змяншэнне аб’ёмаў выпуску гэтага віду прадукцыі, брыкет фарміруе аснову вытворчасці прадпрыемства. Пераважна паліва гандлюецца на ўнутраным рынку, дзе ў завода даўно сфарміравана кола сваіх спажыўцоў, аднак, ажыццяўляюцца і экспартныя пастаўкі. Вядзецца пастаянная работа над дыверсіфікацыяй як адрасоў паставак, так і формаў фасоўкі торфабрыкетаў. Цяпер іх ужо некалькі, ад дзясятка да сотняў кілаграмаў – пад пакупніка, што называецца. Але не брыкетам адзіным: параўнальна нядаўна – усяго некалькі гадоў – тарфянікі пачалі працаваць на айчынных вытворцаў цэменту. «Жывым» прыкладам таму з’яўляліся гружаныя так званай сушонкай аўтамабілі-цыстэрны, размешчаныя пад вагавай завода ў гатоўнасці стартаваць у адну з цэментных сталіц краіны. Падчас кароткага дыялогу ў прэсавым цэху машыніст прэса коратка і дакладна паведаміў:
– Працуюць шэсць прэс-каналаў і дзве сушылкі. Адна на брыкет, другая на сушонку.

Без вытворчых піт-стопаў, сіламі і ўменнем сваіх работнікаў «Ляхавіцкі» перманентна абнаўляецца. За пару апошніх гадоў, напрыклад, выгадную эстэтыку атрымала так званая бункерная сыравіны, дзе таксама быў адрамантаваны-заменены шэраг тэхналагічных вузлоў-механізмаў-агрэгатаў. Рамонт – і не дробны – закрануў літаральна цэлыя паверхі брыкетнага цэха. Верагодна, на фоне ўбачанага, Віктар Каранкевіч пацікавіўся наяўнасцю на прадпрыемстве будаўнічых работнікаў.
– Пяць, два з якіх, як правіла, заняты на падсобных работах, – праінфармаваў Аляксандр Батвінка.
Самую станоўчую міністэрскую ацэнку атрымаў факт адыходу ляхавіцкіх брыкетчыкаў ад выкарыстання ў вытворчасці прыроднага газу. Ужо нават не сёння альтэрнатывай імпартнаму тавару стаў ва ўсіх сэнсах свой фрэзторф.

Пачуць усіх і кожнага
Сустрэча з працоўным калектывам ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ішла другім па ліку, але, думаецца, не па значэнні этапам тухавіцкай рабочай паездкі Віктара Каранкевіча ў наш раён. У той ці іншай ступені, размова грунтавалася на трох «завязаных» на міністэрства накірунках гаспадарчай дзейнасці – газавай, электрычнай і тарфяной падгалінах. Слова «газ» і яго вытворныя гучалі не часта. А вось электрычнасць і асабліва торф – так і яшчэ раз так. Увага надавалася стратэгічным пытанням развіцця торфапрамысловасці на бліжэйшую пяцігадовую перспектыву. Акцэнты робяцца на актывізацыю ўвасаблення праектаў па пераводзе цеплагенератараў сістэмы ЖКГ на спажыванне фрэзернага торфу. У якасці прыкладу была названа ЖКГ Мінскай вобласці, дзе некалькі такіх праектаў ужо рэалізуюцца. Але падобнага кшталту прапановы ў Мінэнерга паступаюць. Па словах Віктара Каранкевіча, іх ужо 7-8. Што гэта для тарфянікаў? Дадатковая вытворчасць, больш высокая даходнасць і – найбольш відавочны бонус – плюс да заработкаў. Чаму б вопыт раёнаў сталічнай вобласці не паспрабаваць адаптаваць на Ляхавіччыну, ЖКГ іншых раёнаў вобласці і не толькі, з якімі ў нашых брыкетчыкаў традыцыйныя дзелавыя сувязі. Тым больш, што здабыць лішнюю сотню тысяч тон фрэзторфу для іх, зыходзячы з практыкі папярэдніх гадоў, па сілах.

Некалькі статыстыкі ў якасці ацэнкі важнасці тарфяной галіны. Штогод тарфяная залеж краіны «ўсыхае» прыкладна на два мільёны тон – вынік работы тарфянікаў-здабытчыкаў. Пасля брыкетчыкі і ў нязначнай ступені іншыя на аснове фрэзера выпускаюць на рынак свой больш вартасны торфапрадукт. Кожная пятая тона апошняга з’яўляецца экспартнай, прыносіць краіне валюту. Астатнія чатыры разыходзяцца на ўнутраным рынку, дзякуючы чаму атрымліваецца замясціць ледзь ці не паўмільярда кубічных метраў прыроднага газу.

Віктар Каранкевіч адказаў на пытанні з залы, ролю якой, дарэчы, выконваў рамонтна-механічны цэх ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», а тычыліся яны перспектыў развіцця тарфяной прамысловасці, новых тарыфаў на электраэнергію, бытавых магчымасцяў для насельніцтва, неабходнасці мадэрнізацыі электрычных сетак у сувязі з хуткім уводам у прамысловую эксплуатацыю БелАЭС. Спыталі нават пра спецыяльна-спецыфічнае – адносна ўкаранення ў схему брыкетнай вытворчасці частотна-рэгулюемага прывада прэсаў. Як адзначыў міністр, планы такія ёсць – не асабліва затратна і дастаткова эфектыўна. А што тычыцца мадэрнізацыі электрасетак, якіх па краіне пракладзена «сем экватараў» (280 тысяч кіламетраў), то бліжэйшыя пяць гадоў стануць «пяцігодкай іх мадэрнізацыі».


Па матэрыялах газеты "Ляхавiцкi Веснiк"

Вверх